5—7 верасня ў Мінску адбываецца міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблеме страчаных і перамешчаных культурных каштоўнасцяў.

22 жовтня 2016

5—7 верасня ў Мінску адбываецца міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблеме страчаных і перамешчаных культурных каштоўнасцяў. Удзел бяруць беларускія, заходнееўрапейскія, амерыканскія гісторыкі, архівісты, бібліёграфы, музейшчыкі. 6 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшла міжнародная сустрэча кнігазнаўцаў. Гаварылі пра тое, ці варта ў ХХІ стагоддзі вяртаць кнігі на радзіму.

Сярод замежных гасцей на сустрэчу прыехалі сусветна вядомая спецыялістка па пытаннях вывезеных каштоўнасцяў Патрыцыя Кенэдзі Грымстэд (Patricia Kennedy Grimsted) з Гарварда, бельгійскі архівіст і гісторык Мішэль Вермот (Michel Vermote), французскі бібліёграф і мастацтвазнаўца Марцін Пулен (Martine Poulain).

За перакладчыка быў Уэслі Фішар (Wesley Fisher), які займаецца пошукамі страчанай у вайну яўрэйскай спадчыны, яўрэйскімі матэрыяльнымі пазовамі супраць Германіі, а ў часы СССР кіраваў камунікацыяй ЗША і СССР у сферы гуманітарных навук.

Асноўную ўвагу надалі пытанням рэстытуцыі пасля Другой сусветнай вайны, хоць ускосна закранулі пытанні і ранейшых часоў.

Рэстытуцыя — цяжкая тэма, звязаная з канфліктамі і скандаламі паміж сем’ямі, бібліятэкамі, краінамі. Пытанне рэстытуцыі — для ўсіх балючае (глыбіню праблемы можна зразумець, прачытаўшы, прыкладам, гэты перакладны артыкул спадарыні Грымстэд).

Звычайна даследчыкі прыходзяць да тэмы выпадкова. Дырэктарка бібліятэкі Інстытута гісторыі мастацтва (Institut national d'histoire de l'art) Марцін Пулен адзначыла, што цягам 20 гадоў займалася гісторыяй кнігі — і не сустракала ніякіх звестак пра кнігу ў часы нямецкай акупацыі і рэжыму Вішы. «А калі ніякай інфармацыі няма — гэта заўжды дзіўна». Пачаўшы збіраць звесткі для маленькага артыкула, спадарыня Пулен ўзялася пісаць кнігу, якую скончыла толькі праз 10 гадоў.

Беларусь стала донарам для іншых краёў і культур, вымушаная дзяліцца каштоўнасцямі — добраахвотна ці прымусова, напісаў некалі Адам Мальдзіс (які выступіць з дакладам). Больш за 90% беларускіх кніжных збораў знаходзяцца цяпер за межамі Беларусі. Пасля вайны ў Беларусь прывезлі на палову менш кніг, чым вывезлі (з 2 мільёнаў — толькі каля 920 тысяч).

На заходнім фронце нацысты палявалі на прыватныя кнігазборы, на ўсходзе — на вялікія бібліятэкі, створаныя бальшавіцкімі ўладамі. Патрыцыя Кенэдзі Грымстэд аднавіла спісы вывезеных каштоўнасцяў з краін Заходняй Еўропы. Спісы ўжо пачалі з’яўляцца на адмысловым сайце, хутка з’явяцца і спісы кніг. Даследчыкі з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі, змогуць ідэнтыфікаваць даваенных уласнікаў тых кніг, над якімі цяпер вядзецца навуковая праца. І сотні імёнаў паўстануць з нябыту.

Даследчыкі распавялі, чаму адны кнігі нацысты вывозілі, а іншых не краналі. Падчас акупацыі Францыі найперш пацярпелі кнігазборы палітычных апанентаў нацыстаў, яўрэяў, а таксама славянскія (эмігранцкія) бібліятэкі. Прычым у акупацыйнай адміністрацыі былі загадзя падрыхтаваныя спісы ўстаноў і асоб, кнігі якіх трэба канфіскаваць. Поўную канфіскацыю кніг правялі ў парыжскай Тургенеўскай бібліятэцы. А ў мітусні сярэдзіны 1940-х многія кнігі з Захаду трапілі да нас. Так Беларусь стала не толькі донарам, але і рэцыпіентам. Праўда, расказала кнігазнаўца Галіна Кірэева, у савецкі час, калі чытач замаўляў кнігу з Тургенеўскай калекцыі, штамп папярэдне заклейвалі — не ведалі, як трэба да яго ставіцца.

Штамп — лёгкі спосаб вызначыць прыналежнасць. Знакі прыналежнасці — правеніенцыі — у Нацыяналцы даследуюць ужо 30 гадоў. Гэта аўтографы, запіскі, экслібрысы і суперэкслібрысы (уласніцкія пазнакі на пераплётах).

Аказалася, што ў Беларусі захоўваюцца кнігі з аўтографамі Шагала, Далі, Пікаса, Заля…

У кнігах перыядычна знаходзяць лісты, візітоўкі, малюнкі, газетныя выразкі. Нядаўняя знаходка — картка ад букета, якую паклалі ў кнігу «Паўлу Мікалаевічу ад армян». Бібліёграф Таццяна Рошчына распавяла, што кніга належала расійскаму палітыку і гісторыку Паўлу Мілюкову, які падтрымліваў армянскі народ у час і пасля генацыду 1915—1923 гадоў.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, энергічны Алесь Суша, пачаў выступ з правакацыі. «Лёс кнігі ў тым, каб падарожнічаць,» — выказаўся ён.

Пасля папярэдніх дакладаў пра жахі канфіскацый і перадзелу маёмасці тэзіс не падаўся такім адназначным. «Рух кнігі на Беларусі — даўняя і нармальная з’ява. Першая беларуская кніга з’явілася ў Чэхіі, а адтуль трапіла ва Усходнюю Еўропу». Але не ўсё так пазітыўна ў руху кнігі: на Беларусі не захоўваецца ніводнага цэласнага кнігазбору, старэйшага за сто гадоў. Дарэчы, праз тыдзень у Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца семінар пра лёс аднаго з такіх страчаных кнігазбораў — бібліятэкі Сафійскага сабора, зніклай у час Лівонскай вайны XVI стагоддзя.

Вайна спустошыла сямейныя сядзібы, назаўжды забрала матэрыяльную памяць цэлых родаў: архівы, фотаздымкі, кнігі. Недзе на свеце жывуць нашчадкі тых, чыё гняздо раскідалі, чые карані абарвалі. Страта ўласнасці — несумненная траўма. Як яе вылечыць?

Юрыдычна вяртанне вывезеных раней кніг немагчымае — толькі ў рэдкіх выпадках узаемнай згоды бібліятэкі могуць абмяняцца асобнымі кнігамі.

Адзіны шлях — віртуальная рэканструкцыя страчаных бібліятэк і выданне факсіміле. Ужо ёсць досвед аднаўлення расцярушаных па розных краінах гістарычных бібліятэк Сапегаў і Храптовічаў. У чаргу могуць стаць і Радзівілы: іх кнігазбор па вайне трапіў у тры мінскія бібліятэкі, найбольшая частка — у бібліятэку Акадэміі навук, якая перыядычна выдае папяровыя каталогі сваёй часткі радзівілаўскай калекцыі.

Цяпер, у ХХІ стагоддзі, ужо няважна, у якой краіне захоўваюцца кнігі, лічыць Галіна Кірэева. Важна ведаць іх уласнікаў, а для гэтага — вывучаць паходжанне кніг і выстаўляць інфармацыю ў адкрыты доступ. Інтэрнэт — першасны інструмент для рэканструкцыі кнігазбораў. На мадэрнізаваны сайт Нацыянальная бібліятэка абяцае выстаўляць матэрыялы пра калекцыі, у прыватнасці з ліку тых, што трапілі ў Беларусь як «рэстытуцыя». І аднойчы нехта знойдзе ў Google сваё прозвішча, а пад ім — любімую кніжку свайго дзяцінства.

Адзінае, чаго бракавала дыялогу — нямецкага ўдзелу, нямецкага погляду, расповеду пра сітуацыю ў кнігасховішчах Германіі пасля кніжнага перадзелу 1940-х гадоў. Ці засталіся ў нямецкіх бібліятэках кнігі і калекцыі з Усходняй Еўропы, каму яны належалі і як даследуюцца?

Джерело